Адна з асаблівасьцяў Inkscape — гэта інструмэнт абводжаньня растравых відарысаў у элемэнт рысунку SVG <path> (шлях). Гэтыя сьціслыя зацемкі мусяць дапамагчы вам пазнаёміцца як ён працуе.
Сёньня Inkscape карыстаецца рухавіком абводжаньня Potrace (potrace.sourceforge.net), напісаным Peter Selinger. У будучыні мы, напэўна, дазволім іншыя праґрамы абводжаньня, сёньня ж, аднак, гэты выдатны інструмэнт цалкам задавальняе нашыя патрэбы.
Майце на ўвазе, што прызначэньне абводжаньніка ня ў тым, каб ствараць дакладную копію спачатнага відарыса, і ня ў тым, каб ствараць канчатковы прадукт. Ніякі аўтаабводжаньнік ня можа гэтага зрабіць. Што ён можа — стварыць набор крывых, якія можна выкарыстоўваць як рэсурс для рысунку.
Potrace апрацоўвае чорна-белы растар і стварае набор крывых. Для Potrace мы сёньня маем тры віды ўваходных фільтраў ператварэньня з сырога відарыса ў нешта, што Potrace можа выкарыстоўваць.
Звычайна, чым цямнейшыя піксэлі ў прамежкавым растры, тым больш абводжаньняў Potrace будзе рабіць. Чым больш абводжаньняў, тым больш часу працэсара патрэбна, а элемэнт <path> становіцца ўсё большым. Пажадана, каб карыстальнік паэкспэрымэнтаваў спачатку з больш сьветлым прамежкавым відарысам, паступова зацямняючы яго, каб атрымаць пажаданыя прапорцыі й складанасьць выніковага шляха.
Каб выкарыстоўваць абводжаньнік загрузіце ці імпартуйце відарыс, вылучыце яго й выберыце ў мэню ці націсьніце Shift+Alt+B.
Карыстальнік пабачыць тры выборы фільтра:
-
Адсячэньне яркасьці
Тут проста выкарыстоўваецца сума чырвонага, зялёнага й сіняга (ці адценьняў шэрага) складнікаў піксэля каб вызначыць, мусіць ён быць чорным ці белым. Парог можна задаваць ад 0,0 (чорны) да 1,0 (белы). Чым большы парог, тым меншая колькасьць піксэляў будзе залічаная ў «белыя», і прамежкавы выдарыс стане цямнейшым.
-
Аптымальнае вызначэньне краю
Тут выкарыстоўваецца альґарытм вызначэньня краю, прыдуманы J. Canny як спосаб хуткага пошуку ізакліналяў падобнага кантрасту. Тут ствараецца прамежкавы відарыс, які ня так падобны на спачатны відарыс, як вынік Адсячэньня яркасьці, але, найхутчэй, выдасьць інфармацыю аб крывых, якая ў іншым выпадку будзе праіґнараваная. Настройка парогу (0,0 — 1,0) рэґулюе ці будзе піксэль, сумежны да краю кантрасту, уключаны ў вынік. Гэтая настройка можа рэґуляваць цёмнасьць ці таўшчыню краю ў выніку.
-
Агрубленьне колераў
Вынік фільтру стварае прамежкавы відарыс, які вельмі адрозьніваецца ад першых двух, але, ўсё адно, вельмі карысны. Замест паказу ізакліналяў якрасьці ці кантрасту, тут шукаюцца краі, дзе мяняюцца колеры, нават пры аднолькавых яркасьці й кантрасьце. Настройка, Колькасьць колераў, вызначае колькі выніковых колераў будзе, калі прамежкавы відарыс — каляровы. Потым вызначаецца чорны/белы на падставе таго, цотны ці няцотны індэкс мае колер.
Карыстальнік мусіць паспрабаваць усе тры фільтры, і паназіраць за рознымі вынікамі для розных відаў уваходных відарысаў. Заўжды будзе відарыс, зь якім нейкі фільтар працуе лепш за іншыя.
Пасьля абводжаньня, пажадана скарыстаць (Ctrl+L) на выніковым шляху, каб зьменшыць колькасьць вузлоў. Гэта зробіць вынік Potrace больш простым для праўкі. Напрыклад, вось тыповыя абводжаньні Старога чалавека, які іграе на ґітары:
Зьвярніце ўвагу на аграмадную колькасьць вузлоў на шляху. Пасьля націсканьня Ctrl+L, атрымоўваеем тыповы вынік:
Выява цяпер больш прыблізная й грубая, але рысунак больш просты й яго прасьцей правіць. Майце на ўвазе, што вам патрэбная не дакладная пабудова відарыса, але набор крывых, якія можна выкарыстоўваць у сваім рысунку.