Follow us on:

Home

Inkscape tutorial:

Гэты падручнік пакажа розныя парады й штукі, якія карыстальнікі вывучылі падчас выкарыстаньня Inkscape, а таксама некаторыя «схаваныя» магчымасьці, якія могуць паскорыць вашую працу.

Радыяльнае разьмяшчэньне мазаічных клонаў

Лёгка пабачыць як карыстацца дыялёґам Мазаічныя клоны для прастакутных сетак і ўзораў. А калі патрэбна кругавое разьмяшчэньне, дзе ўсе аб'екты маюць агульны цэнтар павароту? І гэта магчыма!

Калі ваш кругавы ўзор патрабуе толькі 3, 4, 6, 8 ці 12 элемэнтаў, тады можаце паспрабаваць сымэтрыю P3, P31M, P3M1, P4, P4M, P6 ці P6M. Яны выдатна працуюць са сьняжынкамі й падобным. Больш агульны спосаб, аднак, пададзены ўнізе.

Выберыце сымэтрыю P1 (просты перанос), а потым кампэнсуйце перанос, перайшоўшы на ўкладку Зрух і задаўшы На радок/Зрух па Y і На слупок/Зрух па X у -100%. Цяпер усе клоны будуць разьмешчаныя дакладна наверсе арыґінала. Усё, што застаецца зрабіць, — перайсьці на ўкладку Паварот і задаць пэўны вугал павароту на слупок, потым стварыце узор з аднаго радка й некалькіх слупкоў. Напрыклад, вось узор, зроблены з гарызантальнай лініі, з 30 слупкоў, кожны слупок павернуты на 6 ґрадусаў:

An example image

Каб з гэтага атрымаць цыфэрблят, усё што трэба — выразаць ці проста перакрыць цэнтральную частку ўсяго круга (каб рабіць ляґічныя апэрацыі з клонамі спачатку адлучыце іх).

Цікавейшыя эфэкты можна зрабіць, выкарыстоўваючы і радкі, і слупкі. Вось узор з 10 слупкамі й 8 радкамі, з паваротам па 2 ґрадусы на радок і 18 ґрадусаў на слупок. Кожная ґрупа ліній тут — «слупок», такім чынам, ґрупы за 18 ґрадусаў адна ад адной, унутры кожнага слупка асобныя лініі падзеленыя 2 ґрадусамі:

An example image

У прыкладзе ўверсе лініі павернутыя вакол іхнага цэнтру. А калі вам патрэбна, каб цэнтар быў па-за фіґурай? Проста стварыце нябачны (без запаўненьня й контуру) прастакутнік, які накрые вашую фіґуру, і чый цэнтар — патрэбны вам пункт, зґрупуйце фіґуру й прастакутнік, а потым зрабіце Мазаічныя клоны з гэтай ґрупы. Вось як можна рабіць гожыя «выбухі» ці «зоркапады» шляхам адвольных зьменаў памераў, паваротаў і, магчыма, непразрыстасьцяў:

An example image

Як рабіць разразаньне (на некалькі прастакутных абсягаў)?

Стварыце новы пласт, на ім стварыце нябачныя прастакутнікі, якія перакрываюць часткі відарыса. Упэўніцеся, што дакумэнт выкарыстоўвае ў якасьці адзінак піксэлі (прадвызначана), уключыце сетку ды ўпарадкуйце прастакутнікі па сетцы гэтак, каб кожны займаў цэлую колькасьць піксэляў. Задайце прастакутнікам асэнсаваныя вызначнікі й экспартуйце кожны ў свой асобны файл (Файл > Экспартаваць растар (Shift+Ctrl+E)). Прастакутнікі запомняць назвы гэтых файлаў. Пасьля гэтага вельмі проста паўторна экспартаваць некаторыя прастакутнікі: пераключыцеся на экспартаваны пласт, вылучыце з дапамогай Tab патрэбны (ці карыстайцеся «Шукаць па вызначніку») і пстрыкніце «Экспартаваць» у дыялёґу. Альбо можаце напісаць сцэнар абалонкі ці пакетны файл, які будзе экспартаваць усе вашыя абсягі загадам кшталту:

inkscape -i вызначнік абсягу -t файл.svg

для кожнага экспартаванага абсягу. Пераключальнік -t кажа выкарыстоўваць запомненую падказку назвы файла, іначай мусіце задаць назву файла экспартаваньня з пераключальнікам -e. Як альтэрнатыву можна згадаць праґраму svgslice, якая аўтаматызуе экспартаваньне з дакумэнтаў Inkscape, выкарыстоўваючы пласты разрэзкі ці накіроўныя.

Нелінейныя ґрадыенты

Вэрсія SVG 1.1 не падтрымлівае нелінейных ґрадыентаў (г.зн. якія маюць нелінейныя пераходы між колерамі). Можна, тым ня менш, эмуляваць іх з дапамогай шматспынавых ґрадыентаў.

Пачніце з простага двухспынавага ґрадыенту. Адкрыйце рэдактар ґрадыентаў (напр., двойчы пстрыкнуўшы па любой ручцы ґрадыенту інструмэнтам «Ґрадыент»). Дадайце новы спын ґрадыенту ў сярэдзіну, крыху пацягніце яго. Потым дадайце яшчэ спынаў і пацягніце іх таксама, каб ґрадыент стаў згладжаным. Чым болей спынаў дадаяце, тым больш згладжаным можаце зрабіць выніковы ґрадыент. Вось спачатны чорна-белы ґрадыент з двума спынамі:

An example image

І вось тут розныя «нелінейныя» шматспынавыя ґрадыенты (дасьледуйце іх у рэдактары ґрадыентаў):

An example image

Эксцэнтрычныя кругавыя ґрадыенты

Радыяльныя ґрадыенты ня мусяць быць сымэтрычнымі. Інструмэнтам «Ґрадыент» пацягніце цэнтральную ручку эліптычнага ґрадыенту з Shift. Гэта пасуне крыжыкападобную фокусную ручку ґрадыенту ад цэнтру. Калі гэта вам не патрэбная, можаце вернуць фокус назад, перацягнуўшы яго блізка да цэнтру.

An example image

Раўнаваньне па сярэдзіне старонкі

Каб зрабіць нешта ўраўнаваным па сярэдзіне ці баку старонкі вылучыце аб'ект ці ґрупу, а потым выберыце Старонка са сьпісу Прывязка: ў дыялёґу «Раўнаваньне й разьмеркаваньне» (Ctrl+Shift+A).

Ачыстка дакумэнта

Шмат якія больш не патрэбныя ґрадыенты, узоры й меткі (дакладней, тыя, што праўленыя ўручную) застаюцца ў адпаведных палітрах, і іх можа выкарыстоўваць для новых аб'ектаў. Аднак, калі жадаеце аптымізаваць свой дакумэнт, выкарыстоўвайце загад Ачысьціць Defs у мэню «Файл». Ён прыбярэ любыя ґрадыенты, узоры ці меткі, якія нічым у дакумэнце не выкарыстоўваюцца, зрабіўшы файл меншым.

Схаваныя магчымасьці й рэдактар XML

Рэдактар XML (Shift+Ctrl+X) дазваляе зьмяняць амаль усе аспэкты дакумэнта, не выкарыстоўваючы вонкавага тэкставага рэдактару. Таксама Inkscape звычайна падтрымлівае больш магчымасьцяў SVG, чым дасяжна з ҐІК. Рэдактар XML — адзін са спосабаў дабрацца да гэтых магчымасьцяў (калі ведаеце SVG).

Зьмяненьне адзінак вымярэньня лінейкі

У прадвызначаным шаблёне адзінка вымярэньня лінейкі — піксэль («Карыстальніцкая адзінка SVG», у Inkscape яна роўная 0,8 пункту ці 1/90 цалі). Гэта таксама адзінка, якая выкарыстоўваецца пры паказе каардынат у ніжнім левым куце й прадвыбраная ва ўсіх мэню адзінак. (Вы заўжды можаце падвесьці курсор да лінейкі, каб пабачыць падказку з адзінкамі, якія яна выкарыстоўвае. Каб зьмяніць гэта, адкрыйце Уласьцівасьці дакумэнта (Ctrl+Shift+D) і памяняйце Прадвызначаныя адзінкі на ўкладцы Старонка.

Штампаваньне

Каб хутка стварыць шмат копій аб'екта карыстайцеся штампаваньнем. Проста пацягніце аб'ект (ці зьмяніце памер ці паварот) і, трымаючы націснутай кнопку мышы, націсьніце Прабел. Гэтым пакінеце «штамп» фіґурай бягучага аб'екта. Можаце паўтарыць колькі трэба.

Парады да выкарыстаньня «Асадкі»

Інструмэнт «Асадка» («Бэзье») мае наступныя спосабы скончыць бягучую лінію:

Заўважце, што покуль шлях ня скончаны (г.зн. паказаны зялёным, а бягучы адрэзак — чырвоным) ён не існуе як аб'ект дакумэнта. Таму, каб адмяніць яго, карыстайцеся або Esc (адмяніць увесь шлях) ці Backspace (прыбраць апошні адрэзак няскончанага шляха), а не загадам Адмяніць.

Каб дадаць падшлях да наяўнага шляху вылучыце гэты шлях і пачніце рысаваць з Shift ад адвольнага пункту. Калі, усё ж такі, вы проста жадаеце працягнуць наяўны шлях, то Shift непатрэбны, проста пачніце рысаваць ад аднаго з канцавых якараў вылучанага шляху.

Уводжаньне значэньняў Unicode

Пры працы з тэкстам націсканьне Ctrl+U пераключае між нармальным рэжымам і юнікодавым. У юнікодавым рэжыме кожная ґрупа з уведзеных 4 шаснаццаткавых лічбаў становіцца адным знакам Unicode, што дазваляе ўводзіць адвольныя знакі (калі ведаеце іхны код у Unicode, а шрыфты іх падтрымліваюць). Каб скончыць уводжаньне знакаў Unicode націсьніце Enter. Напрыклад, Ctrl+U 2 0 1 4 Enter устаўляе М-працяжнік (—). Каб выйсьці зь юнікодавага рэжыму, не ўстаўляючы анічога, націсьніце Esc.

Выкарыстаньне сеткі для рысаваньня значак

Няхай вы хочаце стварыць значку 24×24 піксэлі. Стварыце палатно 24×24 пкс (праз Уласьцівасьці дакумэнту) і ўсталюйце сетку праз 0,5 пкс (48×48 ліній). Зараз, калі зробіце раўнаваньне запоўненых аб'ектаў па цотных лініях, а контурных аб'ектаў — па няцотных, з таўшчынёй контураў, роўнай няцотнаму ліку, і экспартуеце яго пры прадвызначаных 90 п/ц (1 пкс стане 1 пунктам растра), атрымаеце выразны растравы відарыс безь непатрэбнага згладжваньня.

Паварочваньне аб'ектаў

Калі працуце з «Вылучальнікам», пстрыкніце па аб'екце каб пабачыць ягоныя стрэлкі зьмяненьня памеру, потым пстрыкніце ізноў па ім, каб пабачыць стрэлкі паварочваньня й нахіленьня. Калі вы пстрыкнеце й пацягнеце стрэлкі ў кутах, то аб'ект будзе паварочвацца вакол цэнтру (паказаны крыжыкам). Калі падчас гэтага націсьніце й будзеце трымаць Shift, паварочваньне будзе адбывацца вакол супрацьлеглага кута. Вы таксама можаце перацягнуць цэнтар павароту куды заўгодна.

Альбо можаце паварочваць з клявіятуры, націскаючы [ і ] (на 15 ґрадусаў) ці Ctrl+[ і Ctrl+] (на 90 ґрадусаў). Тыя ж клявішы [] з Alt зьдзяйсьняюць павольнае папіксэльнае паварочваньне.

Падаючыя цені

Inkscape падтрымлівае фільтар SVG ґаўсаўскай размытасьці, таму можна лёгка ствараць размытыя падаючыя цені аб'ектаў. Вылучыце аб'ект, падвойце яго з дапамогай Ctrl+D, націсьніце PgDown, каб падкласьці копію пад спачатным аб'ектам, ссуньце яе крыху ўправа й ніжэй за спачатны аб'ект. Пасьля адкрыйце дыялёґ «Запаўненьне й контур» й памяняйце значэньне размытасьці, скажам, у 5,0. І ўсё!

Разьмяшчэньне тэксту на шляху

Каб разьмесьціць тэкст уздоўж крывой вылучыце разам тэкст і крывую й выберыце Разьмесьціць на шляху з мэню «Тэкст». Тэкст пачнецца ад пачатку шляху. Звычайна налепей бывае, калі яўна ствараюць тэкст, па якім будзе разьмешчаны тэкст, чым дастасоўваць яго да нейкага іншага элемэнту рысунку — гэта дазволіць лепш кантраляваць працэс бязь лішніх праблем.

Вылучэньне арыґіналу

Калі маеце тэкст на шляху, злучаны зрух ці клон, іхны выточны аб'ект/шлях часам цяжка вылучыць, бо ён можа быць проста пад нізам, ці зроблены нябачным і/ці замкнутым. Дапаможа чароўная клявіша Shift+D, вылучыце тэкст, зрух ці клон і націсніце Shift+D каб вылучыць адпаведны шлях, крыніцу зруха ці арыґінал клона.

Аднаўленьне вакна, якое апынулася па-за экранам

Калі перамяшчаеце дакумэнты між рознымі сыстэмамі з рознымі разрозьненьнямі ці колькасьцю манітораў, можаце заўважыць, што Inkscape захоўвае становішча вакна, з-за чаго вакно можа апынуцца за межамі экрану. Проста разгарніце вакно (гэта зробіць яго бачным, карыстайцеся панэльлю задач), запішыце файл і загрузіце яго наноў. Гэтага можна пазьбегнуць, калі адключыць агульны выбор захоўваньня ґеамэрыі вакна (Настаўленьні Inkscape , укладка Вокны).

Празрыстасьць, ґрадыенты й экспартаваньне ў PostScript

Фарматы PostScript ці EPS не падтрымліваюць празрыстасьць, таму ніколі не выкарыстоўвайце яе, калі зьбіраецеся экспартаваць у PS/EPS. У выпадку суцэльнай празрыстасьці, якая знаходзіцца паверх суцэльнага колера, гэта лёгка паправіць: вылучыце адзін з празрыстых аб'ектаў, пераключыцеся на «Піпетку» (F7); упэўніцеся, што яна ў рэжыме «браць бачны колер без празрыстасьці», пстрыкніце па тым жа аб'екце. Будзе ўзяты бачны колер і прызначаны назад аб'екту, але гэтым разам без празрыстасьці. Паўтарыце для ўсіх празрыстых аб'ектаў. Калі вашыя празрыстыя аб'екты перакрываюць розныя абсягі суцэльнага колеру, то вы мусіце разьбіць яго на кавалкі й паўтарыць гэтую працэдуру з кожным кавалкам.

Экспартаваньне ґрадыентаў у PS ці EPS не працуе для тэкстаў (пакуль тэкст не ператвораны ў шлях) ці контураў. Таксама, паколькі празрыстасьць губляецца пры экспарце ў PS ці EPS, вы ня можаце выкарыстоўваць, напрыклад, ґрадыент з непразрыстага сіняга ў празрысты сіні, як спосаб абыйсьці гэта, замяніце яго на ґрадыент зь непразрыстага сіняга ў непразрысты колер асноведзі.